У Пінску затрымалі сына праваабаронцы (абноўлена)
У Пінску сын старшыні гарадской арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, праваабаронцы Веранікі Івановай ад суботы знаходзіцца ў мясцовым ізалятары. Яго абвінавацілі ў нібыта напісанні пагрозаў у бок сілавікоў у “экстрэмісцкіх чатах” пад нікам “Змагар”. Таксама па месцы жыхарства міліцыянты правялі агляд.
Грамадская дзяячка адзначае, што пасля таго, як затрымалі Кірыла, чалавек пад узгаданай мянушкай працягвае актыўнасць у мэсэнджары:
– Хачу адзначыць, што ўжо на той момант, калі Кірыл знаходзіўся ў будынку міліцыі і быў затрыманы, дадзены чалавек працягваў пісаць. То бок, гэта катэгарычна выключае дачыненне Кірыла да напісання гэтых каментароў. Але для нашай міліцыі нават гэта не з’яўляецца доказам. Больш за тое, у той перыяд, калі пісаліся “Змагаром” дадзеныя паведамленні, Кірыл знаходзіўся на працы пад відэакамерамі. Ёсць шмат сведкаў, якія знаходзіліся з ім у цэху, што ў той момант ён фізічна не меў ніякай магчымасці пісаць.
Адваката да Кірыла Іванова не пусцілі, чакаецца, што ў панядзелак ці аўторак павінен адбыцца суд, які прыме далейшае рашэнне адносна лёсу затрыманага. Вядома, што 7-га жніўня, з самага ранку, пінскія міліцыянты наведаліся яшчэ да трох хлапцоў, інфармацыі пра іх затрыманне пакуль няма.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
7 жніўня ў Пінску затрымалі Кірыла Іванова. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта пісаў пагрозы ў «экстрэмісцкіх чатах», паведаміла «Вясна».
Летась у жніўні Кірыла Іванова асудзілі на 10 сутак арышту. Маці Кірыла — праваабаронца Вераніка Іванова. Яна дапамагала фігурантам «пінскай справы». У лютым у яе правялі ператрус.
Праваабаронцы паведамляюць, што па ўсёй Беларусі напярэдадні гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года супрацоўнікі сілавых структур запрашаюць на „прафілактычныя гутаркі” грамадзян, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэставых акцыях. Таксама паведамляецца пра вобшукі і распачынанне новых крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў.
Беларускае Радыё Рацыя