У Пінску змагаюцца супраць наркотыкаў
Інфармацыю пра наркагандаль і ВІЧ-інфекцыі моладзь атрымоўвае пераважна праз Інтэрнэт. Таму пінскія валанцёры агульнагарадской кампаніі “Пінск супраць наркотыкаў” вырашылі выступіць адзіным інфармацыйным фронтам у сацыяльных сетках. Галоўная мэта – данесці неабходныя веды пра наркотыкі і што трэба рабіць, калі бяда ўжо здарылася.
Інфармацыя падаецца розным чынам ад фотаздымкаў з сэнсоўным подпісам да спасылак на антынаркатычныя сайты, дзе матэрыял апублікаваны ў зразумелай форме.
Старшыня Пінскага гарадскога аддзялення Беларускага грамадскага аб’яднання “Пазітыўны рух” Аляксандр Павяльчук мяркуе, што інфармацыю трэба добра адбіраць:
– Бывае такая інфармацыя, якая, наадварот, правакуе ўжыванне наркотыкаў. Трэба даваць больш інфармацыі па пакаранні за ўжыванне і распаўсюд наркотыкаў. І больш даваць інфармацыі пра тое, што трэба пазбягаць наркатычнай залежнасці. Многія нават не разумеюць, што гэта наркотык, а лічаць гэта жавальным або нюхальным тытунем.
На Берасцейшчыне Пінск займае лідзіруючае месца па колькасці нарказалежных і ВІЧ-інфекцыянаваных. Па інфармацыі дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Зінаіды Мандроўскай, 80% нарказалежных пінчан ужываюць экстракцыйны опіум, выраблены з мака.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя