У Пінску змагаюцца з алкагалізацыяй насельніцтва



Праблема моцна б’е па сацыяльна-эканамічным сектары. На ўліку ў наркалагічным дыспансеры знаходзіцца звыш трох з паловай тысяч хворых хранічным алкагалізмам. На думку адмыслоўцаў, гэта яшчэ аптымістычныя лічбы, бо рэальная колькасць удвая вышэй. У горадзе над Пінай стала дзейнічае ананімная група алказалежных. Яе ініцыявалі самі грамадзяне, якія злоўжываюць спіртовымі напоямі. Лекар-нарколаг Валерый Купрэвіч адзначыў, што гэта станоўчы факт, бо перш за ўсё сам чалавек павінен сказаць сабе “хопіць”:

– Патрэба вельмі моцнае жаданне пацыента. Мы не кажам пра вылечванне. Няма такога тэрміну – вылечылі. Мы кажам пра рэмісію, трывалую, або нетрывалую. А рэмісія – гэты светлы прагал, колькі ён не п’е. Гэта зноў-такі залежыць ад сітуацыі, ад станоўчых фактараў, ад сям’і. Адзін не п’е тры года, нехта пяць гадоў, ведаю выпадак – 12 год.

Алкагалізм у Беларусі – агульнанацыянальная праблема, медыкі і праваахоўнікі называюць сітуацыю няйначай як катастрофа. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, злоўжывае алкаголь каля аднаго мільёна беларусаў, з якіх звыш 270 тысяч знаходзяцца на ўліку.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя