У Пінску звыш паўтысячы хасідаў сустракалі габрэйскі Новы год
Цягам трох дзён у Пінску звыш паўтысячы хасідаў сустракалі габрэйскі Новы год – Рош-ха-Шана. Пад урачыстасці задзейнічалі ня толькі мясцовую сінагогу, але і тры грамадскія кропкі харчавання ды габрэйскую школу “Бейс-Агарон”. Пакуль хасіды застаюцца ў горадзе над Пінай.
Краязнаўца, аўтар шэрагу выданняў па гісторыі габрэйскага народа Эдвард Злобін адзначыў, што ў гэтыя дні Пінск нібы апынуўся ў атмасферы да 1939 года:
– Вялікая канцэнтрацыя хасідаў у Пінску, калі ад гатэля да сінагогі ў пэўны прамежак часу чорных сурдутаў і капелюшоў было больш, чым свецкага насельніцтва. Людзі, якія жылі ў Пінску да вайны, адзначаюць, што Пінск вярнуўся ў часы да 1939 года, у даваенны час. Гэта была асаблівасць горада – вялікая колькасць габрэйскага насельніцтва.
У міжваенны перыяд, калі Пінск уваходзіў у склад Польскай дзяржавы, у горадзе пражывала да 70% габрэяў. Трагічныя падзеі Другой Сусветнай вайны кардынальна змянілі нацыянальны склад сталіцы Палесся.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: sputnik.by