У Пінску з’явілася інфармацыя па сітуацыі з каронавірусам



У Пінску ўпершыню за два месяцы з’явілася інфармацыя па сітуацыі з каронавіруснай інфекцыяй у рэгіёне. Як паведамляе мясцовы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, у горадзе над Пінай больш за 1400 чалавек знаходзіцца на самаізаляцыі. Гэта не толькі „кантакты першага ўзроўню”, але і пінчукі, якія пераносяць COVD-19 без ускладненняў.

Медыкі заклікаюць не парушаць рэжыму самаізаляцыі, кажа лекар Вера Селюжыцкая:

– Дапамажыце нам і сабе, не парушайце рэжым самаізаляцыі. Без патрэбы не выходзьце з дома. Пры неабходнасці апранайце маскі і пальчаткі. Паклапаціцеся пра сябе і сваіх блізкіх. На абслугоўванне аднаго хворага на каронавірусную інфекцыю затрачваецца вельмі шмат часу.

Лекар дадае, што надыход лета, асабліва спякотнага надвор’я, сапраўды расслабіў грамадзян, якія здаецца забыліся на небяспечны вірус, але ён нікуды не падзеўся.

Беларускае Радыё Рацыя