У Пінску з’явіцца скульптура-скарбонка для бадзяжных жывёл
У Пінску распрацоўваюць макет скульптурнай кампазіцыі-скарбонкі, прысвечанай бадзяжным жывёлам. Месца вызначана: старшыня Пінскага гарвыканкама Андрэй Мулярчык даў згоду, каб помнік з’явіўся на цэнтральнай гістарычнай вуліцы Леніна, паміж абутковай крамай і каледжам мастацтваў.
Макет рыхтуюць у Гарадской дзіцячай мастацкай школе. Пасля чаго пачнецца выраб ды ўсталяванне скульптуры.
Ініцыятыва належыць прадпрымальніку Аляксею Кітаеву. Яго падтрымалі валанцёры заалагічнага руху. Як адзначае чалец праўлення дабрачыннага аб’яднання “Абарона жывёл” Алена Рамановіч, да кампазіцыі ёсць розныя стаўленні:
– Людзі, якія захацелі заняцца гэтым помнікам, стварылі ініцыятыўную групу. Яны самі хадзілі і глядзелі месцы, рабілі здымкі, хадзілі ў гарвыканкам на сустрэчу са старшынём. Грамадства ніякага дачынення да гэтага не мае. Мы адразу адмовіліся, што будзем прымаць удзел фінансавы, нават дапамагаць хадзіць па інстанцыях. Напрыклад, я лічу, што гэта добрая ідэя.
Сэнс скульптуры-скарбонкі ў тым, каб пінчукі ды госці Пінска, падыходзячы да кампазіцыі, пакідалі ахвяраванні на патрэбы бадзяжных жывёл. У вызначаны тэрмін грошы будуць перадаваць па прызначэнні.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота segodnya.ua