У пісьменніка Уладзіслава Ахроменкі здарыўся інфаркт, ён у коме



Гэта адбылося ў Беластоку (Польшча), куды ён прыехаў з Чарнігава (Украіна), дзе стала жыве. 

Уладзіслаў Ахроменка супрацоўнічае з нашым радыё.

Адбылося гэта ў гатэлі, дзе жыў пісьменнік. Цяпер ён у коме ў шпіталі.

Уладзіславу Ахроменку 53 гады, ён родам з Гомеля. Як пісьменнік вядомы з канца 1980-х, пісаў дэтэктывы ды кінараманы. Працаваў выкладчыкам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса «Крыніца», рэдактарам аддзела часопіса «Бярозка», адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты «Культура».

Апошнім часам выходзілі ягоныя кнігі: „Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша” (2009, сааўт. з М. Клімковічам), „Тэорыя змовы” (2011), „Музы і свінні” (2014). Быў у шорт-лісце на прэмію „Гліняны Вялес”. Актыўна супрацоўнічае з Купалаўскім тэатрам, разам з Максімам Клімковічам з’яўляецца аўтарам інсцэніроўкі аповесці „Дзве душы” Максіма Гарэцкага.

Уладзіслаў Ахроменка шмат працаваў над архівамі НКДБ і КДБ СССР. На Беларускім Радыё Рацыя вядзе перадачу „На ўліку КДБ”. Жанаты, мае траіх дзяцей.