Грэка-католікі адзначаюць Дзень Святапакутніка Язафата
12-га лістапада вернікі Грэка-каталіцкай Царквы адзначаюць Свята Святапакутніка Язафата, архібіскупа Полацкага. Сёлета споўнілася 393 гады яго пакутніцкай смерці ў Віцебску. Яго грамадcкая і рэлігійная постаць была знакам таго часу.
Але цяпер вернікі Каталіцкага свету асабліва шануюць яго малітоўнае жыццё, яго чын хрысціяніна.
Кажа Андрэй Крот, грэка-каталіцкі святар з Гародні:
– Важна звяртаць увагу на ягоную пакутніцкую смерць, але яна не можа быць адарваная ад ягонага святога жыцця, бо калі б мы ўзялі толькі ягоную смерць, то гэта можна было б звесці да нейкага рэлігійнага фанатызму. Калі чалавек жыве хрысціянскім жыццём, моліцца, вядзе духоўнае жыццё, то тады гэтая смерць бачыцца ў іншым святле.
Грэка-каталіцкая Царква ўжо праз стагоддзі сведчыць пра еднасць паміж хрысціянамі. З часоў Святога Язафата яна сведчыць, што мы можам быць рознымі, але можам быць адзінымі. Паводле Айца Андрэя Крота, еднасць хрысціянаў тут праяўлаецца не ў лозунгах, а ў супольных тайнах з каталікамі розных абрадаў. Свята дае падставы задумацца, як паглыбляць нашу веру і пашыраць хрысціянскае жыццё.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Полацкая грэка-каталіцкая парафія святапакутніка Язафата адзначае дзень нябеснага заступніка. Як паведаміў намеснік старшыні парафіі Мікола Шарах, свята пачнецца сёння а 18-й гадзіне службай у царкве Св. Параскевы.
– 12 лістапада – Дзень Святога Язафата. Гэта ва ўсім свеце святкуюць. Наша парафія ўжо 27 гадоў з’яўляецца парафіяй Святога Язафата. І кожны год у гэты дзень у нас парафіяльнае свята.
Традыцыйна на гэтае свята ў Полацак прыяздаюць госці, нярэдка нават і з-за мяжы.
Прыміцыйную службу ў царкве Св. Параскевы адслужыць айцец Віталій Быстроў з Івацэвічаў, які быў высвечаны ў святары ў полацкай царкве сёлета ў ліпені. Святочныя мерапрыемствы падоўжацца і на наступны день – у нядзелю.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя