У Полацкім раёне затрыманы гаспадар БЧБ-дома
У Полацкім раёне затрыманы Анатоль Каханчык, гаспадар дома, пафарбаванага ў колеры бел-чырвона-белага сцяга. Ён прыйшоў па позве ў міліцыю і адтуль ужо не выйшаў, паведамляюць праваабаронцы.

Па папярэдняй інфармацыі, мужчына трымае сухую галадоўку. Нядаўна Каханчыку пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе свой дом.
Анатолю Каханчыку 62 гады. Ён — жыхар вёскі Алешча Полацкага раёна. Дом размешчаны каля чыгункі, і яго добра бачна з цягнікоў. Мінулай зімой ён адседзеў сем сутак за тое што пафарбаваў свой дом у колеры нацыянальнага сцяга. Пасля гэтага яго звольнілі з працы (а ён 38 гадоў адпрацаваў на чыгунцы). У лістападзе былі яшчэ 15 сутак арышту.
