У Полацку гаварылі пра гісторыю смяротнага пакарання
19 лютага ў Полацку пасля прагляду фільма „Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі” адбылася дыскусія. Фільм зняты ў межах кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.
Шыбеніца. Малюнак да фільма „Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”, аўтар – мастак Алесь Кажамяка.
Прадстаўніца інфармацыйна-культурнага цэнтра „ІніцыАрт” Вольга Дамаскіна адзначыла, што тэма смяротнага пакарання вельмі эмацыйная, і нават ў коле блізкіх людзей выклікае гарэчыя спрэчкі. Адзін з аргументаў прыхільнікаў смяротнага пакарання: „Чаму мы павінны ўтрымліваць забойцаў за свае падаткі? Таму вельмі важна ў гутарках пра смяротнае пакаранне аргументавана адказваць: чаму мы супраць смяротнага пакарання.
Прамаўляе Вольга Дамаскіна, прадстаўніца інфармацыйна-культурнага цэнтра „ІніцыАрт”.
Рэжысёр фільма Віктара Трацякаў.
Рэжысёр фільма Віктар Трацякоў распавёў пра выканаўцаў прысуду, для якіх забойства па законе – гэта прафесія: „Пра кАтаў часам думаюць, што гэта персанажы з казак пра сярэднявечча, якія носяць чырвоныя каўпакі, жывуць асобна і людзі імі пагарджаюць. Але кат – гэта не сярэднявечны персанаж. Людзі, якія выконваюць смяротныя прысуды жывуць і цяпер сярод нас, магчыма, мы ездзім з імі ў грамадскім транспарце, сустракаем у крамах”.
Адзін з удзельнікаў дыскусіі сказаў: „Мне давялося сутыкацца з расстрэламі падчас вайны ў Афганістане. Гэта вельмі брудная справа. Не ўсе афіцэры пагаджаліся выконваць, бо забіць чалавека не пад час бою – зусім не тое самае, што ў баі”.
Беларускае Радыё Рацыя