У Полацку і Воршы затрымалі прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай
На Віцебшчыне пачалі арыштоўваць актывістаў, якім дагэтуль не адбылі прысуджаныя ім “суткі”. Такая практыка прымяняецца ўпершыню, каб адразу пасля судоў людзей адпускалі, не забіраючы пад варту і не прызначаючы канкрэтных тэрмінаў адбыцця пакарання. Праваабаронцы мяркуюць, што гэта робіцца знарок, каб ізаляваць актыўных людзей у нейкі адказны момант. Для жыхароў Наваполацка Андрэя Зуева і Артура Сінега гэты момант, падобна, ужо наступіў. Абодвух затрымалі і адвезлі адбываць арышт, прысуджаны яшчэ 4-га чэрвеня, паведаміла Алена Радзькова, давераная асоба Святланы Ціханоўскай:
– Артур быў на працы, знаходзіўся на тэрыторыі ААТ “Нафтан”, яны прыехалі туды і яго забралі. Артур быў дома, з дзецьмі – старэйшай дачцэ 15, сынам 3 і 7. Дачка не сказала, што ён дома, і міліцыянты пачалі на дзяцей ціснуць, чаму яны адны дома. Андрэю нічога не заставалася, як выйсці да іх і сказаць, што дзеці не адны, а з ім.
Андрэй Зуеў і Артур Сінега
Андрэю Зуеву і Артуру Сінегу засталося адбыць пад вартай па14 сутак. Гэтаксама, на час выбараў, арыштавалі і аршанскіх прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай Аляксандра Андрэева і Генадзя Ларыёнава. Апошняга арыштавалі проста ў судзе, куды ён прыйшоў падтрымаць сваіх аднадумцаў, распавёў аршанскі праваабаронца Ігар Казмярчак:
– Генадзь Ларыёнаў, яго забралі з суда, куды ён прыйшоў падтрымаць іншых удзельнікаў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Забралі “даседжваць” 13, здаецца, сутак. Аляксандра Андрэева забралі з дома –таксама “даседжваць” суткі.
Аляксандр Андрэеў
Яшчэ месяц таму Аляксандру Андрэеву і Генадзю Ларыёнаву прысудзілі па 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі салідарнасці з затрыманымі Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам, якая прайшла ў Воршы 19 чэрвеня. За гэта ж аршанскі суд сёння аштрафаваў Кацярыну Гарэлікаву -на 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск