У Полацку хуліганы апаганілі больш за 60 магіл



Полацкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта пачатая крымінальная справа па факце масавага разбурэння помнікаў на могілках у Полацку.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, раніцай 7 лістапада ў Полацкі РАУС паступіла інфармацыя, што мінулай ноччу на могілках „Экімань”, што знаходзяцца паміж курганам „Бессмяротнасці” і мостам цераз Заходнюю Дзвіну на ўскраіне Полацка, разбураныя 63 помнікі.

На месца здарэння выехала следча-аператыўная група. Следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі і экспертамі скарысталіся магчымасцямі перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі СК і правялі агляд месца здарэння. Былі знойдзеныя і канфіскаваныя рэчавыя доказы, што ўказвалі на месца, дзе мяркуемы злачынца мог знаходзіцца да ўчынення злачынства.

У сувязі з гэтым супрацоўнікамі міліцыі былі вывучаныя запісы з камер відэаназірання, устаноўленых па магчымым маршруце перамяшчэння падазронага.

У выніку ацэнкі здабытых следствам доказаў і правядзення супрацоўнікамі міліцыі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па падазрэнні ва ўчыненні злачынства затрыманы 25-гадовы жыхар горада Полацка і два яго непаўналетнія хаўруснікі.

Па гэтым факце Полацкім міжраённым аддзелам СК распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 347 КК (здзек з магілы).

Следчыя працягваюць працаваць па крымінальнай справе: устанаўліваюць агульную суму нанесенага ўрону, дапытваюць падазроных асоб, праводзяць вышук сведак і пацярпелых, прызначаюць неабходныя экспертныя даследаванні.

belapan.by