У Полацку педагогу, які разам з вучнямі граміў магілы, далі 10 гадоў
У Полацку суд пакараў 25-гадовага педагога, які ў лістападзе мінулага года разам з вучнямі выпіў піва, а затым пачаў граміць магілы на могілках „Экімань” на ўскрайку горада, 10 гадамі пазбаўлення волі.
Пра гэта ў эфіры „Альфа Радыё” паведаміла прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова.
Малады чалавек вёў гурток па ваеннай гісторыі ў палацы дзяцей і моладзі ў Полацку, а ягонымі змоўнікамі сталі двое ягоных 16-гадовых вучняў. Педагог выпіў піва з падлеткамі на могілках, а затым яны сталі здзекавацца з пахаванняў. За некалькі гадзінаў яны пашкодзілі 67 магіл. Шкода склала каля 280 млн недэнамінаваных рублёў.
Мінулым летам матэрыялы крымінальнай справы паступілі ў суд Полацкага раёна. Абвінавачаным інкрымінавалі здзек з магілаў (ч.1 арт. 347) і наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 218). У выніку суд пастанавіў пазбавіць педагога волі на 10 гадоў. Падлеткі атрымалі па 7 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 3 гады.
Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу.