У Полацку прайшла міжнародная сустрэча калекцыянераў-алкамінімалістаў



Міжнародная калядная сустрэча калекцыянераў-алкамінімалістаў прайшла ў гасцінічным комплексе „Славянскі”.

Паўдзельнічаць у выставе, абмяняцца прадметамі калекцыі, папоўніць свой фонд новымі бутэлечкамі і проста пагутарыць з аднадумцамі прыехалі больш за 80 калекцыянераў з краін блізкага і далёкага замежжа.

– Сур’ёзна захапіўся гэтым недзе 10 гадоў таму. Тэматыка маёй калекцыі – гэта лінейкі замежных гарэлак. Яна не адразу склалася. Спачатку, як любы калекцыянер, пачынаў усё запар збіраць, а потым зразумеў, што трэба нешта выбраць асаблівае. Вось асаблівае – гэта серыя менавіта гарэлак, – распавёў удзельнік выставы з Санкт-Пецярбурга Леанід Кумшаеў.

Алкаголь у мініяцюры тут прысутнічае як калекцыя. Маленькія бутэлечкі са спіртным ёмістасцю не больш за 50 мл калекцыянеры называюць «міньёнамі», «мініяцюрамі» і «чарачкамі». Кожная з іх уяўляе каштоўнасць у залежнасці ад года выпуску і ад колькасці выпушчаных асобнікаў.

– Гэта захапленне. Не ведаю, ці прыносіць гэта прыбытак, але прыносіць задавальненне, – прызналася удзельніца выставы з г.Королёва (Расея) Аксана Амельчанка.

Калядная сустрэча алкамінімалістаў – юбілейная, 10-я па ліку. У Полацку такая выстава прайшла ўпершыню.

sammit.tv