У Полацку прайшла сустрэча з кіраўніцтвам універсітэта імя Гілевіча



Сустрэча з кіраўніцтвам прыватнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча адбылася ў Полацку. Яна ладзілася ў кавярні “Раздол” у межах ініцыятывы “Жывая Мова”. На яе завіталі ганаровы старшыня ТБМ, выконваючы абавязкі рэктара ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў, першы прарэктар Уладзімір Колас, філолаг і публіцыст Лявон Баршчэўскі.

Універсітэт Ніла Гілевіча Менгарвыканкам зарэгістраваў у сакавіку 2018 года. Мяркуецца, што там будуць навучаць па 56 спецыяльнасцях на трох факультэтах: гуманітарным, філолага-лінгвістычным, культуралагічным.

Паводле Алега Трусава, цяпер яны распачалі падрыхтоўчыя курсы, але, як толькі атрымаюць ліцэнзію, універсітэт запрацуе паўнавартасна.

Зараз мы рыхтуем дакументы на гэтыя 56 спецыяльнасцяў, але спачатку хаця б 5-6 спецыяльнасцяў, бо гэта вельмі няпроста. У нас многа спецыяльнасцяў: гуманітарныя, эканамічныя, спецыяльнасці, звязаныя з мовамі, ахова спадчыны, архітэктура, пераклады. Таксама кафедра па вывучэнні гісторыі Літвы, Латвіі, Расеі, Польшчы і г.д. Ёсць у нас і тэалогія, напрыклад. Вось такія прадметы гуманітарна-асветніцкага профілю.

На сустрэчы былі прадстаўленыя і вучэбныя дапаможнікі, па якіх будуць навучацца ва ўніверсітэце. Таксама можна было набыць кнігі беларускіх гісторыкаў, у тым ліку Алега Трусава і Лявона Баршчэўскага.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі