У Полацку пры перавозцы звалілі навагоднюю ёлку



Галоўную навагоднюю ёлку ў Полацку не змаглі давезці ў цэнтр горада без прыгодаў. Падчас паездкі дрэва звалілася з аўтамабіля на вуліцы Еўфрасінні Полацкай, непадалёк ад дзіцячай гарадской паліклінікі, піша сайт gorod214.by.

Афіцыйная прадстаўніца Полацкага РАУС Юлія Зайцава ўдакладніла, што ёлка звалілася з машыны на Чырвоным мосце. Гэтае здарэнне стала прычынай аўтамабільных затораў. Прыгоды з усталяваннем галоўнай гарадской елкі Полацка адбываюцца ўжо трэці год запар.

У 2017 годзе вяршыня елкі была заўважна нахіленая, таму дрэва атрымала ў сацыяльных сетках назву «Пізанскай ёлкі». Летась елку на плошчы ўсталявалі толькі з другой спробы: першае дрэва пашкодзілі пры перавозцы, яго давялося замяняць на новае. А ў 2015 годзе ўжо ўпрыгожаная елка звалілася проста на плошчы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: gorod214.by