Полацкія прадпрымальнікі спынілі забастоўку (абноўлена)



Але праблема застаецца нявырашанай. Цяпер ІП-шнікі збіраюць подпісы пад зваротам да старшыні раённага выканкаму. Свае дзеянні тлумачаць вострай і напружанай сітуацыяй на рынках і гандлёвых аб’ектах горада – перш за ўсё маюцца на ўвазе праверкі і канфіскацыя тавараў. Як кажа старшыня аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, хваляванні ўзнікаюць таксама ў іншых рэгіёнах:

– Мы пра гэта даўно казалі, і пастаянна гаворым пра гэта на нашых форумах, але ўлады робяць так, як ім выгадна. Няма грошай у бюджэце – давайце правяраць прадпрымальнікаў.

Полацкія прадпрымальнікі просяць мясцовыя ўлады, сярод іншага, накласці мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах указа № 222, ды ў межах дзеяння тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу, а таксама правесці перамовы з кіраўніцтвам “Перспектывы”. Як адзначае старшыня аб’яднання, яны намераны дабіцца размовы з кіраўніком райвыканкаму.

Што тычыцца прадпрымальнікаў у рэгіёнах, то яны насцярожана аднесліся да страйку полацкіх калегаў. Яны разумеюць, што ў любы момант праверкі могуць закрануць і іх таксама, больш за тое, усведамляюць сваю неабароненасць. Кажа прадпрымальнік са Слоніма Віктар Марчык:

– Улада напісала свае законы, па якіх прадпрымальнікі не могуць існаваць. І ўлады гэта выдатна ведаюць. У нас такая стратэгія, што мы за страйк нікога не агітуем, бо, зразумела, што Шумчанку і іншых актывістаў могуць арыштаваць.

 

Прадпрымальнікі спадзяюцца, што атрымаецца „дацяцягнуць” без сертыфікатаў на тавары да новага году. Менавіта да 1-га студзеня 2016-га году працягнуты тэрмін рэалізацыі тавараў без дакументаў. Калі да гэтага часу не атрымаецца дамовіцца з уладамі, ІП-шнікі з новага году фізічна не змогуць працягнуць працу – упэўнены Віктар Марчык.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Полацкія прапрамальнікі трэці дзень спрабуюць абараніць сваё права на працу. У пятніцу на цэнтральным гарадскім рынку пачаліся масавыя праверкі падатковай службы, якія скончыліся канфіскацыяй тавару ў некалькіх дзясяткаў прадпрымальнікаў.

ІП-эшнікі спынілі працу і паспрабавалі пагаварыць з кіраўніцтвам горада. Але там ім адказалі, што падаткавікі не парушаюць закон, а хто лічыць, што ў іх канфіскавалі тавар незаконна, няхай звяртаюцца ў суд.

„Каля 500 полацкіх прадпрымальнікаў могуць застацца без працы,” – кажа старшыня Свабоднага прафсаюза полацкага вытворчага аб’яднання „Шкловалакно” Віктар Стукаў:

– Яны пра тое і кажуць: “А куды я пайду?” Моладзь яшчэ ў Расею, ва Украіну можа з’ехаць, там працаваць. А мы куды? Проста не ведаюць, што рабіць. Ну, бралі б беларускі тавар, але ж ён у тры разы даражэйшы, яго ніхто не хоча набываць, ён зусім не канкурэнтны. Яго проста не прадаць, прагарыш толькі – вось і ўся справа.

Сёння прадрымальнікі збіраюць подпісы пад зваротам да ўлады. А таксама многія збіраюцца не плаціць падатак за лістапад і пачаць сапраўдны страйк.

[youtube id=”83C_X7bVDeo”]

Канфлікт паміж полацкімі прадпрымальнікамі і мясцовай уладай працягваецца. Супрацоўнікі гарадской падатковай інспекцыі і Аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі праводзяць масавыя праверrі на цэнатральным гарадскім рынку. У шэрагу прадпрымальнікаў канфіскаваны тавар.

Прадпрымальнікі, якія гандлююць адзеннем з Расеі, дзе аптавікі не выдаюць сартыфікатаў якасці на тавар, спынілі працу і спрабуюць весці перамовы з гарадскім кіраўніцтвам, – кажа старшыня Свабоднага прафсаюза полацкага вытворчага аб’яднання „Шкловалакно” Віктар Стукаў:

– Сёння прадпрымальнікі збіраліся каля райвыканкама для сустрэчы з мясцовай уладай. У райвыканкам запусцілі чалавек шэсць, чалавек 150-200 чакалі іх каля райвыканкаму. Чакалі недзе каля гадзіны. Іх прадстаўнікі выйшлі і паведамілі, што нічога аптымістычнага ім не паведамілі. Улада сказала, што яна ўсё робіць па законе, тыя, хто не задаволеныя, няхай звяртаюцца ў суд. Канфіскаваныя тавары не аддадуць. Праверка будзе працягвацца далей.

Віктар Стукаў таксама паведаміў, што прадпрымальнікі напісалі ліст да кіраўніцтва краіны і заўтра будуць збіраць пад ім подпісы.

* * *

Іпэшнікі ў Полацку страйкуюць другі дзень: гарадскія рынкі часткова не працуюць. 500 прадпрымальнікаў у Полацку 16 кастрычніка спынілі працу ў знак пратэсту супраць масавых праверак, якія праводзяць супрацоўнікі падатковай інспекцыі і Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Сустрэча з адміністрацыяй не прынесла вынікаў. У раённай падатковай інспекцыі прадпрымальнікаў папярэдзілі пра тое, што праверкі працягнуцца.

Сустрэча з намеснікам старшыні райвыканкаму Аляксандрам Каладынскім адбылася толькі 17 кастрычніка раніцай. Старшыня грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў, што прадпрымальнікі папрасілі арганізацыю скласці зварот да ўладаў і растлумачыць, што працаваць у такіх умовах яны не змогуць.

Рынкі ў Полацку па-ранейшаму не працуюць. Па словах Анатоля Шумчанкі, забастоўка можа распаўсюдзіцца і на іншыя гарады краіны.

* * *

Полацкія прадпрымальнікі дамагліся ад мясцовых уладаў згоды правесці сустрэчу і абмеркаваць праблему ўмоў гандлю і масавых праверак ІП з боку кантралюючых органаў.

Як паведаміў старшыня РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка, раніцай прадпрымальнікі сустрэнуцца з намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандрам Каладынскім.

Як паведамлялася раней, больш як 500 прадпрымальнікаў Полацкага рынку адказалі стыхійнай забастоўкай на масавыя праверкі супрацоўнікаў падатковых органаў і аддзела па змаганні з эканамічнымі злачынствамі. Праверкі на наяўнасць суправаджальных дакументаў на тавары пачаліся 13 кастрычніка. Штодзённа кантралёры правяралі па шэсць прадпрымальнікаў, людзей рэгулярна штрафавалі, былі выпадкі канфіскацыі тавараў. 16 кастрычніка ІП, якія гандлююць на Полацкім рынку, прыпынілі працу і сталі чыніць перашкоды праверцы гандлёвых пунктаў. Пасля 100 прадпрымальнікаў адправіліся ў гарадскую падатковую інспекцыю, дзе ім і ўдалося дабіцца сустрэчы з прадстаўнікамі раённай улады.

* * *

“Улады ведаюць пра тое, што сапраўдныя дакументы на тавары з Масквы беларускім прадпрымальнікам іх расейскія пастаўшчыкі не прадастаўляюць. Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі каментуе масавы стыхійны страйк, які ўзнік у Полацку пасля таго, як супрацоўнікі падатковай інспекцыі пачалі канфіскоўваць у мясцовых прадпрымальнікаў тавар і караць штрафамі.

– Пачалі мэтанакіравана правяраць прадпрымальнікаў па накладных, якія яны падавалі ў падатковую. Гэтыя накладныя аказаліся маскоўскімі. Калі быў зроблены запыт, то прыйшоў адказ, у якім засведчана, што фірма займаецца іншым. Гэта было падставай для праверкі. Яны прыйшлі на рынак і проста пачалі канфіскоўваць тавар. Гэта было 13-га. А сёння людзі пабачылі, што па іх таварышах пайшлі праверкі. І натуральна, што яны пачалі закрывацца і выйшлі абараняць тых людзей. Пачалося супрацьстаянне.

Пасля безвыніковай сустрэчы з адміністрацыяй рынку каля 100 прадпрымальнікаў збіраюцца сустрэцца з мясцовымі дэпутатамі, каб вырашыць праблему і мець магчымасць працаваць далей без боязі, што іх тавар канфіскуюць.

* * *

Больш за 500 прадпрымальнікаў Полацкага рынку пачалі стыхійны страйк у адказ на масавыя праверкі супрацоўнікаў падатковых органаў і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Як адзначаюць прадпрымальнікі, праверкі пачаліся 13 кастрычніка, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Кожны дзень правяраюць па шэсць прадпрымальнікаў, канфіскоўваюць тавары, а дробных бізнэсоўцаў штрафуюць. Пасля безвыніковай сустрэчы з адміністрацыяй рынку каля 100 прадпрымальнікаў збіраюцца сустрэцца з мясцовымі дэпутатамі, каб вырашыць праблему, кажа Вольга, якая пажадала не называць сваё прозвішча:

– Мы цяпер стаім каля гарвыканкаму, спрабуем сустрэцца з нашымі мясцовымі дэпутатамі. Выйшлі прадстаўнікі, хочуць прызначыць нам сустрэчу. Сказалі каб ад нас было 5 чалавек, але людзі супраць, хочуць, каб іх усіх выслухалі. Іх запусцілі ў актавую залу, выслухалі нашыя прэтэнзіі па працы. У такіх умовах немагчыма працаваць. Мы вымушаны будзем проста спыніць сваю дзейнасць, і яны не атрымаюць у бюджэт ніякага падатку.

Прадпрымальнік Берданеў: Такое пачуццё, што трасуць толькі адзін горад. Нібыта нехта правакуе нас на бунт. Нам сказалі, што дакументацыя наша не праходзіць па усіх патрабаваннях. Нібыта яна сфальшаваная. Год таму падаткавая казала, што ўсё нармальна. Зараз кажуць адваротнае.

Раней іх усе дакументы іх задавальнялі, а пасля выбараў ужо ні накладныя, ні якія-небудзь іншыя дакументы іх не задавальняюць, пачаліся штрафы і канфіскацыі. Людзі баяцца за свой тавар і былі вымушаныя зачыніцца”, – распавядаюць прадпрымальнікі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя