У Полацку збіраюць сродкі на полацкі крыж для Курапатаў



Грамадскія актывісты Полацка пачалі збор грошай на выраб і ўсталяванне драўлянага крыжа ў мемарыяле Курапаты, дзе знайшлі спачын расстраляныя ахвяры сталінскага тэрору.

Збор сродкаў ідзе як наяўнымі грашыма, так і пералікам на рахунак Свабоднага прафсаюза рабочых завода «Шкловалакно», – кажа каардынатар збору, прафсаюзны лідар Мікола Шарах.

– Гэта не мая асабістая ініцыятыва, гэта ініцыятыва сяброў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Ужо паступілі першыя складкі. Крыж будуць рабіць у Менску, каб яго не везці ў такую далеч, прасцей усё ж там зрабіць. Можа тут было б троху танней, але з перавозам будзе даражэй, таму чыста тэхнічна прасцей зрабіць там.

Грамадская ініцыятыва «Курапаты» па догляду за мемарыялам прапанавала ўсім гарадам Беларусі ўсталяваць памятныя крыжы ў Курапатах.

Мяркуецца, што на самім полацкім крыжы будзе выразаны надпіс з інфармацыяй ад каго ўсталяваны гэты памятны знак.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя