У Польшчы агучылі вынікі расследавання па факце самагубства экс-палітвязня з Беларусі
Як заявіла польская турэмная служба ў адказ на запыт Hrodna.life, унутранае расследаванне варшаўскага СІЗА не выявіла парушэнняў у працы супрацоўнікаў у сувязі з самагубствам былога палітвязня з Беларусі Кірыла Кятуркі.
«Мерапрыемствы, праведзеныя пенітэнцыярнай службай, не выявілі парушэнняў у выкананні службовых задач супрацоўнікамі, трэція асобы не спрыялі ўзнікненню інцыдэнту», — адказаў на запыт Hrodna.life Барташ Мушыньскі, прэс-сакратар дырэктара Акруговай турэмнай службы ў Варшаве. У той жа час, журналісты выдання адзначаюць, што рэдакцыя ў запыце задала шэраг пытанняў, на якія польскае ведамства адказаў не дало.
Паводле СМІ, Кірыл трапіў у Цэнтар утрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы па падазрэнні ў махлярстве. Знаёмыя хлопца назвалі яго «пешкай» у гэтай справе. Яму пагражала ад 6 месяцаў да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, Кірыл Кятурка — 19-гадовы былы палітвязень з Гародні. Раніцай 20 кастрычніка яго знайшлі павешаным у варшаўскім СІЗА.