У Польшчы дамагаюцца пенсій для сабак
Службоўцы ў Польшчы дамагаюцца пенсій для сабак. Гаворка ідзе пра службовых сабак, якія з’яўляюцца функцыянерамі памежнай аховы і штодзень патрулююць мяжу ці правяраюць багаж у аэрапортах і на вакзалах.
Каля дзесяці гадоў – гэта тэрмін, які працуюць сабакі ў памежнай ахове Польшчы, пасля або забярэ яго службовы апякун, або сабака трапляе ў прытулак. Гэта несправядліва, – кажуць памежнікі і дамагаюцца для сабак пенсіі каля 200 злотых у месяц. Як адзначаюць апекуны сабак, яны выконваюць такую ж службу, як і людзі.
„Газета выборча” прыводзіць прыклад Чары – сабакі, які дапамагаў у затрыманні гангстэраў, абшукваў стратэгічныя месцы ў час ЧЕ па футболе і ў Варшаўскім аэрапорце знайшоў выбуховыя матэрыялы. Пасля сямі гадоў працы сабака захварэў. Каб не апякун, ён трапіў бы ў прытулак. Дзяржава не клапоціцца пра сабак, якія ўжо не працуюць, і гэта несправядліва, – адзначаюць іх праваднікі – бо сабакі працуюць на карысць дзяржавы.
Прыблізны кошт утрымання сабакі ў месяц – 300 злотых, у тым ліку ежа, апека, ветэрынар. Службоўцы просяць 200 злотых дадатку да заробку, якія кампенсавалі б гэтыя расходы. Падобная форма падтрымкі сабак і іх апякуноў запрацавала ужо ў Мытнай службе Польшчы. Там функцыянер, які апякуецца сабакам, атрымлівае грошы на ежу, а службовая пляцоўка аплочвае ўсе кошты, звязаныя з яго ўтрыманнем і апекай ветэрынара. Такую ж апеку ветэрынара маюць сабакі у войску і пажарнай службе. У памежнай ахове сёння служыць 260 сабак, а ў паліцыі – звыш 900. Сярэдні тэрмін службы 8.5 года. Толькі за мінулы год са службы ў Польшчы пайшлі 104 сабакі.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота patrul.kz