У Польшчы плануюць адкрыць музей Усходніх Крэсаў
Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы купляе ў Любліне Палац Любамірскіх. У будынку будзе адкрыты Музей былых зямель Рэчы Паспалітай.
Новая ўстанова будзе філіяй Люблінскага музею. Зараз гісторыкі апрацоўваюць канцэпцыю новай музейнай установы і складаюць спісы магчымых фондаў. Музей былых зямель Рэчы Паспалітай будзе не толькі традыцыйным музеем. Гісторыя тэрыторый, якія некалі ўваходзілі ў склад Польшчы, будзе таксама паказаная пры дапамозе сучасных мультымедыйных тэхналогій.
Галоўная мэта музея – паказаць гісторыю былых усходніх зямель Польшчы, якія палякі называюць Усходнімі Крэсамі.
Цяпер у Палацы Любамірскіх знаходзіцца факультэт паліталогіі Люблінскага ўніверсітэту імя Марыі Складоўскай-Кюры. Пасля продажу будынку навуковая адзінка пераедзе ў іншае месца.