У прамым эфіры ў Гомелі затрыманы фермер-блогер Юрый Ганцэвіч
У Гомелі на плошчы Леніна падчас прамога эфіру затрыманы фермер-блогер, былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Юрый Ганцэвіч.
9 мая ён спрабаваў прайсці на плошчу Леніна для ўдзелу ў святкаванні Дня Перамогі. Міліцыя на ўваходзе пільна даглядала ўсіх удзельнікаў. Ганцэвічу заявілі, што нельга праносіць фотаапарат з дыяметрам аб’ектыва большым за 4 см без адпаведнага дазволу. Міліцыя яго не прапусціла і папрасіла крыху пачакаць. Ганцэвіч заявіў у эфіры, што выключыць фотаапарат. „Вось гэта ржака, прыйшоў паказаць людзям свята. Жорстка. Хаваю фотаапарат у сумку. Хто мяне будзе надглядаць? Абшуквайце, давайце. Вось кажуць „зараз, зараз”, і так два гадзіны прастаім”, — сказаў блогер.
У гэты момант з-за турнікетаў на яго напалі двое ў спартыўнай вопратцы і пацягнулі на вуліцу Савецкую. Фермер прасіў іх назваць сябе, але адказу не было. Пазней абодва заявілі, што „з міліцыі”.
Ганцэвіч паведаміў БелаПАН, што знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС. „Трымаюць ужо чатыры гадзіны, нічога не кажуць, за што”, — заявіў фермер.
Юрый Ганцэвіч набыў вядомасць у 2019 годзе, калі балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў. У 2020 годзе фермер зарэгістраваў ініцыятыўную групу па сваім вылучэнні на пасаду прэзідэнта, але подпісы не збіраў.
Фота nv-online.info