У прапускным пункце „Брузгі” адновіцца пешаходны рух
Рэканструкцыя пункта пропуску „Брузгі” павялічыць яго прапускную здольнасць і забяспечыць бяспечнае перасячэнне мяжы пешаходам, паведамляецца на сайце Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.
Рэканструкцыя пункта пропуску з’яўляецца часткай міжнароднага праекта па мадэрнізацыі транзітнага калідора трасы М6. У межах праекта на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай плануецца пашырыць дарожнае палатно да васьмі палос (4 на ўезд і 4 на выезд).
Прадугледжаная мадэрнізацыя сістэм радыяцыйнага кантролю на палосах руху транспарту, а таксама аўтаматызаванай сістэмы распазнання і рэгістрацыі нумарных знакаў транспартных сродкаў. Агароджа пункта пропуску па перыметры будзе абсталяваная інтэлектуальным відэаназіраннем.
Для грузавога транспарту прадугледжана ўстаноўка сучаснага вагагабарытнага абсталявання (па двое вагаў у кожным кірунку). Пасля праходжання вагагабарытнага кантролю транспартны сродак зможа прайсці мытны і памежны кантроль на адной з сямі ліній на ўезд (адна прызначаная для пераезду ў транспартна-лагістычны цэнтр) і шасці на выезд. „Гэта дасць магчымасць значна скараціць час знаходжання транспартных сродкаў у пункце пропуску і адпаведна павялічыць яго прапускную здольнасць па грузавым кірунку больш чым у два разы”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пасля рэканструкцыі адновіцца пешаходны і веласіпедны рух праз пункт пропуску па адмыслова абсталяваных калідорах, што не толькі забяспечыць бяспечнае перасячэнне мяжы пешаходаў і веласіпедыстаў, але і павялічыць эфектыўнасць правядзення мытнага кантролю.
Завяршэнне асноўных відаў работ па аб’екце запланаванае да канца 2018 года.
Фота ДМК Беларусі