У праўладны прафсаюз заганяюць прымусам



Дзясятак прыватных прадпрыемстваў Гарадзеншчыны добраахвотна-прымусова стварылі суполкі праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Так, новая прафсаюзная арганізацыя створана на прадпрыемстве “КонтэСпа” – адным з найбуйнейшых вытворцаў панчохаў і шкарпэтак. Работнікі ўступалі ў прафсаюз пад пагрозай звальнення.

Сітуацыю наментуе намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч:

– Прафсаюз павінен быць незалежным, бо калі прафсаюз дырэктарам прызначаны, то чым будзе займацца гэты прафсаюз? Забаўкамі пэўнымі, аздараўленнем? Гэта функцыя наймальніка. Тымі функцыямі, якія не ўласцівыя прафсаюзу. Калі будуць узнікаць пытанні абароны пэўных працоўных, правоў, заробку, умоваў працы, аховы працы, то такі кішэнны прафсаюз не ў стане бараніць простага чалавека, ён заўсёды станавіўся на бок наймальніка, на бок працадаўцы.

Актыўнае стварэнне дзяржаўных прафсаюзаў на прыватных прадпрыемствах Прынёмання пачалося сёлета ў траўні. На Гарадзеншчыне гэтую справу ўзначальвае былы кіраўнік горада Барыс Казялкоў.

Сярод тых, хто пад прымусам  папоўніў шэрагі прадзяржаўнага прафсаюза – работнікі такіх буйных прыватных прадпрыемстваў, як “ЗОВ – мэбля” і “Еўрагандаль”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня