У праваабаронцы Веранікі Івановай канфіскавалі ўсю кампутарную тэхніку
У Пінску ў праваабаронцы Веранікі Івановай судовыя выканаўцы канфіскавалі тэлевізар, нэтбук, чатыры ноўтбукі і дзве шматфункцыянальныя прылады, якія спалучаюць у сабе прынтар, сканар і капіявальны апарат. Тэхніку забралі ў кошт пагашэння штрафаў за акцыі пратэсту. Агулам гэта звыш трох з паловай тысяч рублёў.
Праваабаронца адзначае, што канфіскаваная маёмасць з верхам пакрывае штрафы:
– Нават па тых ацэнках, якія прызначалі судовыя выканаўцы, яно перакрывае гэтую суму, хаця расцэнкі заніжаныя. Справа ў іншым – наперадзе ў мяне яшчэ два штрафы. З моманту канфіскацыі маёмасці ў мяне ёсць дзесяць працоўных дзён, каб выкупіць назад. На сённяшні дзень тыя два штрафы знаходзяцца на абскарджанні.
Акрамя судовых выканаўцаў, у кватэру праваабаронцы наведалася адмысловая школьная камісія, каб спраўдзіць, у якіх умовах пражываюць двое яе непаўнагадовых дзяцей. Камісія не выявіла сацыяльна небяспечнага становішча, але паведаміла, што яшчэ варта чакаць прадстаўнікоў гарадскога Аддзела адукацыі.
Беларускае Радыё Рацыя