У праваслаўнай царкве ўспомняць бязвінных ахвяр рэпрэсій
31 кастрычніка ў праваслаўных храмах пройдуць задушныя набажэнствы ў памяць пра ўсіх праваслаўных хрысціян, “бязвінна забітых ці бязвінна зняволеных”.
Дабраславенне на здзяйсненне гэтых набажэнстваў даў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін. Яшчэ 10 гадоў назад Архірэйскі Сабор РПЦ адзначаў: Праваслаўная Царква помніць не толькі праслаўленых ёю святых, але і ўсіх нявінных ахвяр рэпрэсій, заклікаючы грамадства захаваць памяць пра гэтыя трагічныя старонкі гісторыі. Экзархатам прапанавалі самастойна вызначыць дзень здзяйснення гэтых набажэнстваў. У Беларусі датай вызначылі сённяшні дзень, 31 кастрычніка. Сёлета на гэтую дату прыпадае дзень Сабора новапакутнікаў і спаведнікаў зямлі Беларускай.