У праваслаўных храмах Гомельшчыны моляцца за скасавальнікаў уніі



У нядзелю 25 лютага ў праваслаўных храмах Гомельшчыны  моляцца за скасавальнікаў уніі. 25 лютага 1839 года Полацкі сабор прыняў акт пра падпарадкаванне грэка-каталіцкай царквы праваслаўнаму сіноду.

Гэтая падзея будзе згаданая ў пропаведзях святароў Гомельскай епархіі па блаславенні архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана. Таксама пройдуць памінальныя малітвы за 24 падпісантаў акту, найперш — мітрапаліта Іосіфа (Сямашку).

Мітрапаліт Іосіф – епіскап Праваслаўнай Расейскай Царквы, з 1840 года архіепіскап (з 30 сакавіка 1852 года мітрапаліт) Літоўскі і Віленскі. Ён «праславіўся сваёй роллю ва ўз’яднанні ўніяцкай царквы Паўночна-Заходняга краю з праваслаўем; праводзіў русіфікатарскую палітыку ў Заходнім краі, супрацьпастаўляючы яе паланізацыі», — паведамляецца на сайце Гомельскай епархіі.