У праваслаўных службах па-беларуску часта адмаўляюць па надуманых прычынах



Сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая за апошні час наведала звыш 20 гарадоў па ўсёй Беларусі. У выніку размоваў з праваслаўнымі вернікамі і святарамі, яна прыйшла да высновы — існуючыя ў праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату парадкі зусім не здавальняюць патрэбаў прыхаджан у службах на беларускай мове.

– Пытанне, якое мы задавалі падчас паездак па гарадах Беларусі: ці ёсць у іх магчымасць наведваць службы на беларускай мове? І мы сутыкаліся з тым, што адмаўляюць па ўсякім надуманым прычынам. Людзям, якія звяртаюцца з просьбай, каб была служба на беларускай мове, адказваюць, што няма запытаў на такія службы. Што ёсць хлусня. Пазнаёміліся са святарамі, якія служаць на прыходах, якія з задавальненнем бы вялі гэтыя службы, якія ведаюць беларускую мову.

Аднак цяперашняя царкоўная адміністрацыя ў большасці епархій адмаўляе беларускім вернікам у богаслужбах па-беларуску, – дадае Алена Талстая. Маскоўскі патрыярхат па-ранейшаму займае пазіцыю непрыхільнасці беларушчыне, толькі вельмі малы адсотак службаў у храмах РПЦ у Беларусі адпраўляецца на беларускай мове. Хаця святароў, якія цудоўна валодаюць беларускай мовай, хапае.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя