У праваслаўных вернікаў пачаўся Велікодны пост
Ад сёння ў праваслаўных вернікаў пачаўся саракадзённы Велікодны пост. Сёлета ён будзе трываць па першае траўня. Вялікі пост, як у каталіцкім касцёле, так і ў праваслаўнай царкве з’яўляецца самым галоўным і строгім.
Ён складаецца з некалькіх знакавых святаў,— адзначае святар Міхаіл Лабковіч:
– Вялікі пост у нас уключае некалькі царкоўных святаў, у прыватнасці гэта свята Звеставання – 7 красавіка. Тады мы згадваем падзеі, калі панне Марыі явіўся архангел Гаўрыіл і сказаў ёй радасную навіну пра тое, што ад яе народзіцца Ісус Хрыстос. Ужо бліжэй да канца Вялікага посту мы з вамі ўспомнім уваскрашэнне праведнага Лазара. Як Госпад уваскрэсіў з мёртвых свайго сябра, які цяжка хварэў і памёр у яго адсутнасць. Мы ўзгадаем Вербную нядзелю.
У Вялікі пост царкоўны статут дазваляе ўжываць алей толькі па суботах, нядзелях і ў дні памяці асабліва шаноўных святых, а рыбу — толькі ў святы Звеставання і на Вербную нядзелю.
Беларускае Радыё Рацыя