У праваслаўных вернікаў – Радаўніца



У праваслаўных вернікаў – Радаўніца – дзень памінання памерлых. Гэтае свята характэрнае для ўсіх усходніх славян, але толькі ў Беларусі, у снежні 1991 года, Вярхоўны Савет уключыў Радаўніцу ў каляндар дзяржаўных свят са статусам выходнага дня.

Сёння самае галоўнае – гэта шчырая малітва за памерлых сваякоў, – адзначыў святар Аляксандр Лаўрыненка:

– Аўторак другога тыдня пасля Вялікадня, аўторак пасля Фамінога тыдня – ён з’яўляецца Бацькоўскім днём. У гэты дзень адбываецца памінанне памерлых. Вернікі моляцца пра памерлых, пра спакой іх бессмяротных душаў, асвячаюць месцы пахаванняў – могілкі. Памянуць памерлых родных і блізкіх можна ў тым ліку і падчас хатняй малітвы, то бок, узяць у рукі Малітоўнік, там ёсць адмысловыя малітвы пра памерлых. І такім чынам адзначыць гэты дзень – памянуць палітвамі памерлых.

Радаўніца мае паганскія карані, таму ў старажытнасці верылі, што калі ў гэты дзень залагодзіць памерлых родзічаў, то яны будуць дапамагаць жывым, напрыклад, у гаспадарцы. 

Беларускае Радыё Рацыя