У праваслаўных вернікаў – Вялікая пятніца



Важны дзень у жыцці праваслаўных вернікаў. Сёння – Вялікая пятніца, дзень, калі Ісус Хрыстос быў зняты з крыжа і пахаваны. У цэрквах у гэты дзень не адпраўляецца літургія, а самым значным момантам ёсць вынас плашчаніцы. “Для вернікаў гэты дзень з’яўляецца днём самага строгага посту”, – гаворыць пробашч праваслаўнай парафіі святога Яна Тэолага ў Беластоку, айцец Марэк Ваврэнюк:

Мы заўсёды падкрэсліваем, што праваслаўныя вернікі, якія жывуць, якім Бог дае сілу, у гэты дзень павінны трымаць пост, не прымаючы нічога да моманту, калі мы паклонімся святой плашчаніцы – іконе Хрыста, пакладзенага ў труну, якая выносіцца пасля абеду на сярэдзіну храма. І тады мы ідзём, каб аддаць свой паклон збавіцелю нашаму, які на крыжы праліў сваю кроў за грахі ўсяго чалавецтва, у тым ліку кожнага з нас.

Літургічны дзень Вялікай пятніцы пачаўся яшчэ напярэдадні ўвечары чытаннем дванаццаці фрагментаў Евангелля. “Вялікая пятніца – дзень асаблівай павагі, цішыні і смірэння”, – кажа айцец Марэк Ваврэнюк:

Найлепшая пропаведзь на пятніцу – гэта папросту маўчанне. Чалавек у сваім сэрцы павінен усё гэта перажыць, пабачыць Хрыста, які ўзяў крыж, пайшоў за нас на Галгофу. І на гэтай Галгофе мы павінны пабачыць вялікую любоў Бога да нас, да ўсіх дзяцей Божых.

Заўтра, у Вялікую суботу, падчас набажэнства святары зменяць святарскае адзенне з цёмнага на светлае, а пасля літургіі пачнуць асвячаць стравы, у першую чаргу велікодныя яйкі. Таксама ў Вялікую суботу ў храме Труны гасподняй у Ерусаліме адбываецца сыходжанне святога, дабрадайнага агню.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: orthodoxia.pl