У Празе прайшла акцыя ў падтрымку Алега Сянцова
28 жніўня ў Празе ля амбасады Расеі прайшла акцыя ў падтрымку палітвязня – украінскага рэжысёра Алега Сянцова, які працягвае трымаць у расейскім зняволенні галадоўку.
Пра гэта ў Twitter паведаміла амбасада Ўкраіны ў Чэхіі. Удзельнікі акцыі 107 хвілін стаялі ў цішыні – 107 дзён галадоўкі Алега Сянцова.
Каля 50 чалавек трымалі партрэты Сянцова, а пасля перадалі іх у раасейскую амбасаду.
Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта.
14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў.
Алег Сянцоў катэгарычна адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне. Пра гэта яшчэ 22 чэрвеня паведаміў адвакат палітычнага зняволенага Дзмітрый Дынзе.
Усе звароты грамадскасці і высокапастаўленых палітыкаў да Уладзіміра Пуціна з патрабаваннямі ці просьбамі пра вызваленне Алега Сянцова кіраўніком Крамля ігнаруюцца. Стан рэжысёра зараз крытычны.
Беларускае Радыё Рацыя