У Пружанах котка выратавала шэсць чалавек



20-га верасня ў Пружанах загарэўся шматкватэрны дом. Шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей, маглі загінуць у полымі, калі б не котка, паведамляе газета «Раённыя буднi».

У чатыры гадзіны ночы патэлефанавалі пажарным. Калі тыя прыехалі на месца здарэння, то ўбачылі, што агонь цалкам ахапіў веранду ў першай кватэры, перакінуўся на такую ж драўляную прыбудову другой кватэры і на агульны дах будынку. З агню ратавальнікі вынеслі траіх жыхароў – дваіх састарэлых бацькоў, аднаму з якіх было цяжка перасоўвацца без дапамогі, і іх нецвярозага сына. А таксама дапамаглі пакінуць памяшканне жыхарам другой кватэры – маці з пяцігадовым сынам і аднагадовай дачкой.

Падчас устанаўлення прычын вогненнага здарэння высветліліся цікавыя факты. Як расказвае гаспадыня кватэры, адкуль пайшоў агонь, а потым прызнаўся сам яе сын, у якога потым у крыві было выяўлена 1,8 праміле алкаголю, хутчэй за ўсё першай загарэлася канапа, што стаяла на іх верандзе. Жанчына перад сном выходзіла на вуліцу і заўважыла, што з яе ідзе дым. Дагэтуль там курыў сын і хутчэй за ўсё недакурак запаліў мэблю. Гаспадыня паліла канапу вадой і вырашыла, што справілася з узгараннем.

Каля чатырох гадзін ночы суседскую котку напалохаў дым, тая пачала мяўкаць  і пабудзіла гаспадароў. Як сцвярджаюць самі пажарныя, «подзвіг» жывёліны дапамог выратаваць жыцці шасці чалавек.