У прытулку для бяздомных амаль не засталося ежы



У дабрачынным прытулку для людзей без сталага месца жыхарства, што знаходзіцца ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, не хапае ежы для людзей, якія тут утрымліваюцца.

prytulak9

Надыход зімы сямёра пастаяльцаў прытулка і яго заснавальнік Аляксей Шчадроў сустракаюць з апошнім мяшком бульбы – гэта ўсё, што засталося з прадуктаў харчавання. Прытулак існуе за кошт ахвяраванняў, якія прыходзяць нерэгулярна, але Аляксей Шчадроў спадзяецца, што адсутнасць ежы – часовыя цяжкасці:

– Буду дапамагаць гэтым людзям. Мэта майго служэння – пранікнуць у праблемы гэтых людзей, быць разам з імі. Лягчэй чалавека ўтапіць, прынізіць, а вось дапамагчы – цяжка. На самой жа справе так лёгка працягнуць руку, за якую чалавек ухопіцца, і ты яго выцягнеш з бяды, дапаможаш яму.

Прытулак у вёсцы Аляксандраўка ўвесь час знаходзіцца пад пагрозай закрыцця. Мясцовыя ўлады і сацыяльныя службы адмаўляюцца дапамагаць прытулку ў набыцці ежы і вопраткі для яго пастаяльцаў. Асноўную дапамогу ажыццяўляюць добраахвотнікі – валанцёры, а таксама  каталіцкі і лютэранскі  касцёлы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня