У Рагачове старшыня выбарчай камісіі не дазволіла знаходзіцца на ўчастку чальцу камісіі



У Рагачове на ўчастку № 7 старшыня выбарчай камісіі не дазволіла знаходзіцца на ўчастку яе чальцу Мікалаю Мельнікаву – прадстаўніку Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”.

Як паведаміў БелаПАН чалец бюро цэнтральнага камітэта партыі „Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка, 16 лютага Мікалай Мельнікаў не дзяжурыў у камісіі, але прыйшоў на ўчастак, каб паглядзець на ход датэрміновага галасавання, праверыць спісы.

У той дзень яго паплечніца па партыі, чалец участковай камісіі № 11 Святлана Разумава праверыла спісы выбаршчыкаў і выявіла, што звесткі пратаколаў камісіі не супадаюць з тымі, хто распісаўся за выдадзены бюлетэнь у спісах. Камісія адзначыла ў пратаколах, што ў аўторак і сераду на ўчастку прагаласавалі 83 і 121 чалавек адпаведна. Разумава ў чацвер вырашыла праверыць спісы для галасавання, з якіх вынікала, што за гэтыя дні прагаласаваў толькі 91 чалавек.

Аналагічна хацеў праверыць спісы на сваім участку і Мельнікаў. „Але старшыня камісіі, яна ж дырэктар мясцовага дома культуры, выправадзіла Мельнікава, забараніла яму знаходзіцца на ўчастку, матывавала свае дзеянні тым, што ён сёння не дзяжурыць, і яго сюды „ніхто не накіроўваў”. Пры гэтым старшыня камісіі пагражала Мельнікаву выправадзіць яго з дапамогай міліцыі. Каб не абвастраць сітуацыю, Мельнікаў сышоў, але скаргі ў пракуратуру і раённую камісію падаў”, — распавёў Сякерка.

Сякерка назіраў за датэрміновым галасаваннем на ўчастку № 49 у Чыгуначным раёне Гомеля. Паводле слоў палітыка, з 2.454 выбаршчыкаў за чатыры дні датэрміновага галасавання ўжо „зрабілі свой выбар” 928 чалавек, гэта значыць 38,1%. „На ўчастку ў асноўным студэнты, там размешчаны інтэрнат медуніверсітэта. Напэўна, іх папрасілі прагаласаваць, ці прымусілі выкладчыкі або адміністрацыя інтэрната”, — дадаў палітык.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў падзяліўся ў Facebook дадзенымі па ўчастках на Маскоўскай акрузе № 21 у Гомелі, дзе балатуецца чалец АГП Мікалай Новікаў. Так, на ўчастку № 6 прагаласавала па падліках назіральнікаў 159 чалавек (6,3%), паводле даных камісіі — 367 (14,7%). На ўчастку № 7 прагаласавала па падліках назіральнікаў 85 чалавек (3,3%), па дадзеных камісіі — 409 (15,9%). Аналагічна завышаная яўка на участках №№ 8, 9 і 10 Маскоўскай акругі.

Пра завышэнне яўкі выбаршчыкаў у два разы і больш заяўляе і кандыдат у дэпутаты Канстанцін Жукоўскі. Ён спасылаецца на даныя назіральнікаў, якія сочаць за ходам галасавання на ўчастках па Мазураўскай акрузе ў Гомелі.

БелаПАН