У Рагачове трэснуў шматпавярховы жылы дом
У Рагачове трэснуў шматпавярховік – дом №120 па вуліцы Леніна.
Шматметровая расколіна з’явілася ў пад’ездзе №2 з вонкавага боку ў аконным адхоне. Яна цягнецца з пятага па першы паверх. Неўзабаве пасля гэтага камунальныя службы развесілі на дзвярах пад’ездаў аб’явы з просьбай не ставіць каля дома асабістыя аўто жыхароў і быць пільнымі на аварыйным участку.
Начальнік цэха па эксплуатацыі і абслугоўванню жылога фонду КЖЭУП „Рагачоў” Наталля Петрыкава распавяла выданню, што ў доме, які быў пабудаваны ў 1982 годзе, былі прадугледжаны павялічаныя аконныя праёмы, але пры будаўніцтве іх паменшылі да стандартных. Не выключана, што менавіта з-за гэтага дом, які да таго ж знаходзіцца недалёка ад чыгункі, і трэснуў. Камунальнікі ўжо атрымалі праектнае рашэнне па ліквідацыі дэфектаў і пачнуць працы 26 лістапада. Яны запэўніваюць, што расколіна не ўплывае на апорную здольнасць канструкцый дома.