У Расеі адмянілі прысуд святару, які быў асуджаны ў Беларусі



У Расеі адменены прысуд святару Мікалаю Кірэеву, які ў Беларусі быў асуджаны за арганізацыю прастытуцыі, спалучаную з вывазам за межы дзяржавы асобы для заняцця прастытуцыяй.

«Апраўданы і вызвалены з-пад варты святар Мікалай Кірэеў, арыштаваны і асуджаны ў Беларусі ў 2017 годзе, – чытаем у паведамленні на старонцы Выбаргскай епархіі РПЦ у сацыяльнай сетцы «УКантакце». – 30 студзеня 2020 года святар Мікалай Кірэеў, які служыў у храме Cвятых апосталаў Пятра і Паўла пасёлка імя Марозава Выбаргскай епархіі да 2017 года, апраўданы Ленінградскім абласным судом і вызвалены з-пад варты».

У рэлізе адзначаецца, што суд апеляцыйнай інстанцыі «адмовіў у прызнанні прысуду, вынесенага судом Віцебска (Беларусь)». «Сваю віну айцец Мікалай ніколі не прызнаваў», – падкрэсліваецца ў паведамленні.

Зараз Кірэеў знаходзіцца на «неабходным яму медыцынскім лячэнні».

Беларускае Радыё Рацыя