У Расеі пасажырам прыйшлося штурхаць самалёт
Пасажырам авіякампаніі UTair прыйшлося штурхаць самалёт перад узлётам. Лайнер прымёрз да ўзлётна-пасадачнай паласы. Надзвычайнае здарэнне з Ту-134 адбылося ў аэрапорце горада Ігарка Краснаярскага краю.
Тэмпература апусцілася ніжэй мінус 50 градусаў. Гэта і прывяло да таго, што шасі самалёта прымёрзла да пакрыцця аэрадрома. У выніку лайнер не мог выехаць на ўзлётна-пасадачную паласу і здзейсніць разгон. Да таго ж, авіякампанія выкарыстала змазку для шасі, якая не прызначана для раёнаў Крайняй Поўначы. Самалёт прастаяў на марозе больш за суткі, апоры прымерзлі да пляцоўкі перад узлётам.
У момант здарэння на борце знаходзіліся каля 70 чалавек. Адзін з пасажыраў рэйса Уладзімір Ульянаў апублікаваў відэа на YouTube, на якім пасажыры дапамагаюць экіпажу і тэхнічнаму персаналу зрушыць самалёт з месца.
Як паведамляюць СМІ, па дадзеных дыспетчараў аэрапорта, самалёт усё ж такі вылецеў з Ігаркі з невялікім спазненнем і паспяхова прызямліўся ў аэрапорце прызначэння. Адзначым, што горад Ігарка знаходзіцца за палярным кругам у зоне вечнай мерзлаты.