У Расеі прайшлі маршы памяці Барыса Нямцова



24 лютага ў розных гарадах Расеі прайшлі маршы памяці забітага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Найбольш людны з іх адбыўся ў Маскве.

Напомнім, што Барыс Нямцоў быў забіты 27 лютага 2015 года на Вялікім Маскварэцкім мосце, што вельмі блізка ад маскоўскага Крамля.

Паводле даных „Белага лічыльніка” („Белого счётчика”) у маскоўскім мітынгу-маршу ўзялі ўдзел 10 тысяч 800 чалавек.

У Галоўным упраўленні міністэрства ўнутраных спраў РФ па Маскве назвалі свае лічбы – на акцыю памяці выйшла 6 тысяч чалавек.

Некаторыя ўдзельнікі маскоўскага маршу неслі плакаты ў падтрымку абмена ўкраінскіх палітвязняў на расейцаў, у абарону рэжысёра Алега Сянцова і незаконна арыштаваных украінскіх маракоў. Былі лозунгі „Расея будзе вольнай” і „Кадыраў – ганьба Расеі”. Удзельнікі акцыі неслі таксама партрэты забітых грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, журналістаў.

Арганізатарамі акцыі былі рух „Салідарнасць”, Партыя перамен, Лібертарыянская партыя, Партыя 5 снежня, Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага і праваабарончы цэнтр „Мемарыял”.

Напомнім, што паводле рашэння суда ад 13 ліпеня 2017 года, непасрэдны забойца Нямцова Заур Дадаеў быў засуджаны да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго суўдзельнікі, браты Анзор і Шадзід Губашавы засуджаны да 19 і 16 гадоў калоніі адпаведна, Тэмірлан Эскерханаў – 14 гадоў, Хамзат Бахаеў – 11 гадоў. Арганізатарам злачынства, па высновах Следчага камітэту РФ, быў кіроўца камандзіра Дадаева ў чачэнскім батальёне „Север” Руслан Мухудзінаў. Аднак бальшыня юрыстаў і палітыкаў мяркуюць, што насамрэч Мухудзінаў не мог быць заказчыкам забойства такога вядомага апазіцыйнага палітыка.

Акрамя Масквы акцыі памяці Барыса Нямцова 24 лютага прайшлі больш чым у 15 гарадах Расеі і 10 гарадах іншых краін.

Беларускае Радыё Рацыя