У Расеі школьнік узарваў клас гранатай



Следчы камітэт РФ пачаў крымінальную справу па факце выбуху гранаты ў памяшканні камп’ютарнага класа ў паселішчы Агвалі ў Дагестане, дзе загінуў адзін падлетак і 10 пацярпелі, паведамляе ТАСС.

Школьніке памёр пасля таго, як быў завезены ў шпіталь у каматозным стане, яго траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём, удакладнілі ў міністэрстве аховы здароўя Дагестана.

У ведамстве дадалі, што трое знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.

З падлеткам, які прынёс ручную баявую гранату ў камп’ютарную залю, працуюць следчыя, гаворыцца ў паведамленні рэспубліканскага ўпраўлення Следчага камітэта Расеі.

„Як ён ім растлумачыў, гранату ён знайшоў на вуліцы і прынёс у камп’ютарную залю”, – сказана ў паведамленні.

Крымінальная справа распачата па артыкуле аб прычыненні смерці па неасцярожнасці і аб незаконным набыцці выбуховых прыстасаванняў.