У Расеі ўвядуць абмежаванні на міжнародныя пасылкі?
Беларускія мытнікі заклікаюць расейскіх калег устанавіць адзіны ліміт для бяспошліннага ўвозу тавараў у міжнародных пасылках, паведаміў журналістам 25 траўня ў Палаце прадстаўнікоў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько.
Паводле яго слоў, у Расеі разглядаюць магчымасць змяншэння гэтага ліміту, які цяпер складае тысячу еўра.
У Беларусі з красавіка гэтага года ліміт для бяспошліннага ўвозу тавараў у міжнародных пасылках складае 22 еўра.
Як адзначыў Сянько, пасля ўвядзення такога ліміту паток пасылак з-за мяжы „знізіўся нязначна”. „Быў пэўны ўсплёск, калі ішлі змены. Цяпер усё ўвайшло зноў у рэчышча стандартнае, пасылак стала крыху менш. Але хто хацеў набыць сабе рэчы нязначнага кошту, той набывае іх”, – сказаў кіраўнік мытнага камітэта.
На пытанне, ці не разглядаецца магчымасць павышэння ліміту, Сянько заявіў, што ў Еўразвязе, напрыклад, дзейнічаюць невысокія ліміты на кошт пасылак з-за мяжы, а ў Кітаі гэтыя ліміты зніжаны з 7 да 0 даляраў.
На просьбу пракаментаваць магчымасць абходу ўведзенага ў Беларусі ліміту з дапамогай расейскіх пасярэднікаў, кіраўнік мытнага камітэта адказаў: „А вы паспрабуйце так прывезці. А калі мытня вас зловіць? Думаю, вы раскажаце потым, як „выгадна” вазіць у абход мытні”. Пры гэтым Сянько не адказаў на пытанне, як менавіта беларуская мытня адсочвае замежныя пасылкі беларусаў, замоўленыя праз Расею.
Паводле слоў чыноўніка, сам ён ніколі не карыстаўся паслугамі замежных інтэрнэт-магазінаў. „Мае знаёмыя, якія там нешта набываюць, задавалі мне пытанні. Як абывацель, як чалавек, які хвалюецца за эканоміку сваёй краіны, і як спецыяліст я ім тлумачу. Усім усё становіцца зразумела”, – сказаў Юрый Сянько.