У Расеі знішчаюць архіўныя карткі са звесткамі пра рэпрэсаваных у СССР



У Расеі знішчаюць архіўныя ўліковыя карткі са звесткамі аб рэпрэсаваных у СССР. Пра гэта заявіў дырэктар Музея гісторыі ГУЛАГа Раман Раманаў, паведамляе „Коммерсантъ”.

Раманаў напісаў ліст дарадцы прэзідэнта Расеі Міхаілу Фядотаву, у якім папрасіў разабрацца ў сітуацыі. Па інфармацыі выдання, у ім гаворыцца, што ўліковыя карткі пачалі знішчаць на падставе засакрэчанага міжведамаснага загаду 2014 года. Паводле гэтага загаду, карткі з інфармацыяй пра рэпрэсаванага грамадзяніне СССР і яго знаходжанне ў ГУЛАГу варта знішчаць па дасягненні ім 80 гадоў.

„У выпадку, калі зняволены паміраў або гінуў у лагеры, яго асабістая справа адпраўлялася на бестэрміновае захоўванне. А калі чалавек вызваляўся, то яго справа вынішчалася, але складалася архіўная картка”, – распавёў выданню Раманаў.

Дырэктар музея даведаўся пра дзеянне загаду выпадкова, калі адзін з партнёраў музея шукаў дадзеныя пра рэпрэсаванага селяніна. Ва ўпраўленні МУС па рэгіёне яму адказалі, што ўліковая картка знішчана.

„Калі ёсць дакумент, яго фальсіфікаваць практычна немагчыма. А калі дакумента няма, можна прыдумаць усё, што заўгодна”, – сказаў Раманаў выданню.

Фота Униан