У распаўсюдніцы забралі 500 нумароў „Витебского вестника”, аўтамабіль і шарыкі



“Витебский вестник” – гэта саматужнае выданне, дайджэст навінаў і іншых матэрыялаў  з розных незалежных СМІ. Ужо некалькі месяцаў яго выдаюць і распаўсюджваюць валанцёры, а міліцыя палюе на тых, хто імкнецца данесці да землякоў праўдзівую інфармацыю.

Распаўсюдніца Таццяна Юхо мяркуе, што яе затрымалі ў прыватным сектары Чыгуначнага раёну пасля звароту ў міліцыю кагосьці з прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі:

– Абшукалі, знайшлі ключы ад машыны, потым абшукалі машыну. Знайшлі ключы ад кватэры, і пасля гутаркі ў міліцыі разам паехалі на агляд. Мой ноўтбук забралі, камп’ютар мужа, флэшкі мужа, мой мабільны тэлефон, яшчэ паветраныя шарыкі забралі – яны ў мяшэчку ляжалі, белыя, чырвоныя і памаранчовыя. Усё, што пад рукі трапілася.

Таксама з кватэры Таццяны Юхо міліцыянты забралі 500 асобнікаў “Витебского вестника“, асабістыя запісы, 6 гіпсавых выяваў герба Віцебска. Машыну таксама забралі – як патлумачылі ў міліцыі, у заклад да выплаты штрафу за распаўсюд незарэгістраванага выдання. У машыне засталіся пашпарт спадарыні Таццяны, іншыя дакументы, кашалёк з грашыма гэтую маёмасць таксама не аддалі.

Супраць Таццяны Юхо распачатая адміністрацыйная справа за парушэнне артыкула 22.9. Ёй пагражае штраф памерам да 50-ці базавых велічынь. Суд прызначаны на 10-га лютага.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск