У „Рацыі” і „Ніве” экстрэмізму няма
Летась, 24 ліпеня, на мытным пераходзе „Бераставіца” ў слонімца Паўла Севасцьяна беларускія мытнікі канфіскавалі „ў якасці ўзораў для правядзення экспертызы, з мэтай вызначэння прыкмет экстрэмізму” часопіс „Рацыя” – 7 шт., газету „Ніва” – 33 шт., кнігу „Па жвіроўках, асфальтоўках…” Аляксандра Вярбіцкага – 3 шт., „Хронікі беларускіх палітвязняў” – 1 шт., „Польска-беларускі слоўнік” – 1 шт.
Нядаўна Павел Севасцьян атрымаў ад намесніка начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Ю.І. Комлача адказ, у якім паведамляецца, што „спецыяльная камісія ажыццявіла даследаванне прадстаўленага інфармацыйнага прадукта на прадмет наяўнасці прыкмет экстрэмізму і вызначыла аб адсутнасці прыкмет экстрэмізму ў адабранай літаратуры. З мэтай звароту літаратуры Вам неабходна звярнуцца ў ГРТ з заявай”.
Так што слонімцу Паўлу Севасцьяну пашанцавала, што ў „Рацыі” і ў „Ніве” беларускія мытнікі не знайшлі экстрэмізму.
Барыс Баль, Беларуская Радыё Рацыя