У раёне „плошчы Перамен” у Менску знік правадны інтэрнэт ад „Белтэлекама”



У некалькіх дамах у раёне „плошчы Перамен” (двор на менскай вуліцы Чарвякова) 17 лістапада знік правадны інтэрнэт ад „Белтэлекама”.

У раённым чаце жыхары паведамляюць, што інтэрнэту няма ў некалькіх дамах на вуліцах Кахоўская, Смаргоўскі Тракт, Чарвякова, Асіпенкі, Шчадрына.

У кампаніі „Белтэлекам” БелаПАН паведамілі, што ў гэтым раёне „пашкоджанае абсталяванне, рамонтныя працы вядуцца, колькі будзе доўжыцца рамонт, пакуль невядома”.

15 лістапада ў двары на вуліцы Чарвякова, дзе 11 лістапада быў збіты актывіст Раман Бандарэнка, які памёр на наступны дзень у бальніцы, сілавікі разагналі сотні людзей, што прыйшлі сюды ўшанаваць яго памяць. Многія былі затрыманыя. Народны мемарыял Бандарэнкі на „плошчы Перамен” знішчаны.

Вялікая група абаронцаў мемарыяла схавалася ў кватэрах і падвалах размешчаных побач дамоў — мясцовыя жыхары прытулілі частку пратэстоўцаў перад зачысткай. Сілавікі прачэсвалі раён усю ноч і першыя ранішнія гадзіны, ажыццяўлялася праверка рэгістрацыі ў пашпартах.

Прыблізна ў 9.30 16 лістапада ўдзельнікі акцыі і журналісты змаглі выйсці з дамоў і пакінуць мікрараён, у тым ліку дзякуючы дапамозе аўтамабілістаў, якія пад’ехалі.

belapan.by