У раёне Ракава затрыманыя нелегальныя мігранты
Пры спробе перапраўкі нелегалаў праз беларускую мяжу ў краіны Еўрапейскага саюза затрыманыя ўсе ўдзельнікі міжнароднай злачыннай групы.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі, 12 красавіка ў выніку правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі органа пагранічнай службы спецыяльнага прызначэння з прымяненнем зброі ў раёне Ракава (Менская вобласць) затрымалі тры аўтамабілі. У іх знаходзілася група мужчын, якія займаюцца незаконнай транзітнай міграцыяй.
Адначасова быў затрыманы арганізатар (ім аказаўся 33-гадовы грамадзянін Азербайджана), двое перавозчыкаў — грамадзяне Беларусі і двое праваднікоў, выхадцы з Чачні. Усе яны перавозілі па тэрыторыі Беларусі да мяжы для далейшага перамяшчэння ў Еўрасаюз на ўчастку адказнасці Гарадзенскай пагранічнай групы 11 мігрантаў з В’етнама. У апошніх пры сабе не было дакументаў.
На арганізатара, памагатых і праваднікоў узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 371-1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі групай асоб па папярэдняй змове). Пачаты адміністрацыйны працэс і ў дачыненні да нелегальных мігрантаў з В’етнама — за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і правілаў знаходжання на беларускай тэрыторыі. БелаПАН