У Рэчыцы асудзілі беларускага хакера, якога затрымала ФБР
Суд Рэчыцкага раёна 9 жніўня вынес прыгавор у дачыненні да 33-гадовага мясцовага жыхара Сяргея Ярца. Ён абвінавачваўся па частцы 1 артыкула 354 КК (Распрацоўка камп’ютарных праграм або ўнясенне змяненняў у існуючыя праграмы з мэтай несанкцыянаванага знішчэння, блакавання, мадыфікацыі або капіравання інфармацыі).
Гэта першая справа ў гісторыі Беларусі, калі за кіберзлачыннасць грамадзяніна затрымала ФБР пры сумеснай аперацыі з СК.
Сяргей Ярац працаваў галоўным інжынерам рэчыцкай кампаніі „Тэлевід”. Ён быў адміністратарам хакерскага форуму, удзельнічаў, па першапачатковай інфармацыі, у вырабе і распаўсюджанні батнета „Андрамеда”, дапамагаў купляць і абнаўляць шкоднаснае ПА. Як раней паведамляў СК, шкоднаснымі праграмамі былі заражаныя ад 3 да 4 мільёнаў камп’ютараў. Паводле падлікаў кампаніі Microsoft, шкода ад дзеянняў хакера склала 10 мільёнаў долараў.
Суд Рэчыцкага раёна ў асобе суддзі Станіслава Іванюценкі прызнаў Сяргея Ярца вінаватым у парушэнні артыкула 354 КК і аштрафаваў яго на 120 базавых велічынь. Але так як абвінавачаны каля шасці месяцаў правёў у СІЗА, штраф ён плаціць не будзе.
Сяргей Ярац у добраахвотным парадку ўнёс у бюджэт суму — прыбытак ад злачыннай дзейнасці, які склаў 11 тысяч рублёў.
Адвакат абвінавачанага Ганна Дакуцько падкрэсліла на судзе, што яе падабаронны — „эксклюзіў, такіх няма спецыялістаў у галіне кібербяспекі, сістэм абароны ў Беларусі”. Яна звярнула ўвагу, што Ярац актыўна супрацоўнічаў са следствам, больш за тое — „гэта той злачынец, які аказаў неацэнную дапамогу следству”. „Ён ім паказваў, што дзе знайсці, што дзе выявіць. Ён вучыў іх, што і як трэба рабіць. Следчы быў высокакваліфікаваны, прасунуты, але нават яго ведаў было недастаткова. І Сяргей яму расказваў, як супраць сябе знайсці доказы”, — сказала абаронца.
Яна выказалася, што „гэта не злачынец, якога трэба саджаць у турму, гэта той чалавек, якога трэба выкарыстоўваць максімальна выгадна ў інтарэсах нашай краіны, асабліва цяпер”. Абаронца звярнула ўвагу, што ніякага ўрону — ні матэрыяльнага, ні фармальнага — Рэспубліцы Беларусь і краінам СНД, а таксама іх грамадзянам дзейнасць абвінавачанага не нанесла. Дадзеная праграма „Андрамеда” не працавала на тэрыторыі Беларусі і СНД. „Увогуле гэта ўнікальны выпадак дапамогі следству ў выкрыцці самога ж сябе”, — заўважыла Дакуцька.
Дзяржаўны абвінаваўца Мікалай Беларусаў у спрэчках адзначыў, што віна Ярца пацверджана падчас разгляду крымінальнай справы ў судзе. Абцяжарвальныя абставіны па справе — учыненне злачынстваў з карыслівых меркаванняў, групай асоб па папярэдняй змове. Змякчальнымі абставінамі пракурор назваў чыстасардэчнае раскаянне ва ўчыненні злачынства, спрыянне выяўленню злачынстваў, наяўнасць дзіцяці, а таксама добраахвотнае пакрыццё даходу, атрыманага злачынным шляхам. Ён прасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам адзін год.
Пракурор нагадаў, што Ярац быў затрыманы пры ўчыненні трэцяга эпізоду злачынства — перапіскі з „кліентам”, які хацеў купіць зыходныя коды „Андрамеды”. Інфарматар ФБР, які прадстаўляўся кліентам, меў нік „Джыгурда”.
Сяргей Ярац віну прызнаваў як з моманту затрымання, так і на судзе. Ён распавёў, што „Андрамеду” распрацаваў не ён, а іншы праграміст, які жыве, магчыма, у Расіі. Ярац толькі рабіў агляд гэтай праграмы, а затым па просьбе праграміста дапамагаў у тэхнічнай падтрымцы і продажы шкоднаснай праграмы.
belapan.by