У Рэчыцы матацыкліст зламаў руку супрацоўніку ДАІ



У Рэчыцы матацыкліст-бяспраўнік пры затрыманні зламаў руку супрацоўніку ДАІ. Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава ў тэлеграм-канале, матацыкл з каляскай пад кіраваннем 42-гадовага жыхара Рэчыцы быў спынены экіпажам ДАІ.

Кіроўца паведаміў, што забыўся ўзяць з сабой правы. Наяўнасць дакумента было вырашана праверыць у базе. Высветлілася, што мужчына падмануў інспектараў — чалавека з такімі дадзенымі не існавала. Для высвятлення асобы кіроўцу было прапанавана прайсці ў РАУС, але ён кінуўся бегчы.

Падчас пераследу правапарушальнік пералез праз плот і апынуўся на тэрыторыі арганізацыі. Там яго нагнаў адзін з інспектараў. Пры затрыманні матацыкліст аказаў супраціўленне і зламаў міліцыянеру руку.

Жыхара Рэчыцы інспектары затрымалі з дапамогай калег з дэпартамента аховы МУС. Высветлілася, што ў 2018 годзе мужчына здзейсніў ДТЗ і ўцёк, за што і быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на два гады. Тэрмін пакарання павінен быў скончыцца гэтай восенню.

Затрыманы цяпер у ізалятары часовага ўтрымання. Следчыя далі прававую ацэнку яго дзеянням і распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Акрамя таго, складзены адміністрацыйны пратакол за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае такога права.

belapan.by