У Рэчыцы ў навагоднюю ноч памёр затрыманы мужчына: яго да смерці збілі ў РАУСе (абноўлена)



Паводле словаў блізкіх Усхопава, у цяперашні час на маці загінулага аказваецца ціск — у яе кватэры міліцыя збіраецца праводзіць ператрус. Палітычнага складніку ў затрыманні і збіцці Дзмітрыя Усхопава ягоныя сваякі не бачаць, інфармуе Палеская Вясна.

***

Следчы камітэт пракаментаваў трагедыю ў Рэчыцы, дзе ў навагоднюю ноч загінуў малады чалавек Зміцер Усхопаў.

„31 снежня ў 23.10 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Савецкай мужчыну з азнакамі моцнага алкагалёвага ап’янення. З-за аказанага ім непадпарадкавання да яго была ўжыта фізічная сіла. Мужчыну даставілі ў Рэчыцкі РАУС, а потым у рамках адміністрацыйнага працэсу павезлі на медагляд у раённы шпіталь”, — цытуе БЕЛТА прадстаўнікоў Следчага камітэта.

Паводле дадзеных следчых, пры пад’ездзе да медустановы мужчыну стала дрэнна, і яго экстранна даставілі ў прыёмны пакой, дзе сталі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы.

“Нягледзячы на высілкі лекараў, у гадзіну 20 ночы канстатавана яго смерць”, — распавялі ў Следчым камітэце.

Каб высветліць прычыны смерці, следчыя прызначылі судова-медычную экспертызу.

Сваякі загінулага расказалі праваабаронцам, што ўноч затрымання ён ехаў да маці на святочную вячэру. У загінулага засталася пяцігадовая дачка.

***

Паводле інфармацыі, якой валодаюць праваабаронцы, у навагодні вечар 27-гадовы жыхар Рэчыцы памёр у прыёмным пакоі раённай лякарні пасля таго, як яго туды моцна збітым прывезлі міліцыянты.

Як распавялі Палескай Вясне сваякі памерлага, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня Дзмітрый Усхопаў ехаў да маці на святочную вячэру. На аўтобусным прыпынку яго затрымаў міліцэйскі патруль. Але пры затрыманні ён аказаў супраціў.

Праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прыймальны пакой раённай лякарні ў стане клінічнай смерці. Калі яго пабачылі родзічы, адзенне на ім было разарванае, ён быў увесь аж да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні круглая рана памерам каля 1,5 сантыметры. Запясці на руках, куды звычайна міліцыянты надзяваюць кайданкі, мелі сіні колер.

Сваякі Дзмітрыя Усхопава перакананыя, што яго моцна збівалі ў аддзеле міліцыі, а, калі ён перастаў падаваць прыкметы жыцця, замест таго, каб выклікаць хуткую дапамогу, аблівалі вадой і неяк спрабавалі самі рэанімаваць. Калі гэта ў іх не атрымалася, даставілі яго ў лякарню, дзе ён і сканаў.

Палітычнага складніку ў затрыманні і збіцці Дзмітрыя Усхопава ягоныя сваякі не бачаць. Афіцыйнае версіі падзеяў на МУСаўскіх медыя-каналах на момант публікацыі не агучана. Паводле паведамлення першага намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатолія Васільевараспаўсюджанага на youtube-канале ўпраўлення, аніякіх надзвычайных здарэнняў і выпадкаў траўмавання грамадзян на тэрыторыі вобласці навагодняю ноччу не зафіксавана.

У Дзмітрыя Усхопава засталася 5-гадовая дачка. 

Паводле „Палеская Вясна”