У рэдакцыі газеты „Ганцавіцкі час” прайшоў вобшук (абноўлена)



Вобшук, які праводзіўся пасля поўдня 29 снежня, па месцы жыхарства галоўнага рэдактара недзяржаўнай рэгіянальнай газеты „Ганцавіцкі час” Пятра Гузаеўскага завершаны.

Вобшук прайшоў з санкцыі пракурора Драгічынскага раёна Васіля Дзяшко, паведаміў Гузаеўскі БелаПАН. Канфіскаваны яго асабісты ноўтбук.

Паводле слоў Гузаеўскага, візіт следчых і вобшук у рэдакцыі і ў яго дома звязаны са справай карэспандэнта сайта навін „Першы рэгіён” Сяргея Гардзіевіча паводле артыкула 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Падставай для абвінавачання стала паведамленне ў папулярнай групе „Рэальны Драгічын” у „Вайберы”, што нібыта з’явілася ў верасні гэтага года. Гардзіевіч зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам.

„Якое дачыненне да гэтай справы мае рэдакцыя „Ганцавіцкі час” і я ў прыватнасці, наогул не разумею, — адзначыў Гузаеўскі. — Я пытаўся пры вобшуку: „Што вы шукаеце датычна гэтай справы? Я добраахвотна выдам усё”. Ні ў пастанове [на вобшук], ні ад прысутнага начальніка крымінальнага вышуку Ганцавіцкага РАУС Дзмітрыя Юрчыка я адказу не атрымаў”.

Галоўны рэдактар „Ганцавіцкага часу” лічыць санкцыю і пастанову на вобшук, а таксама канфіскацыя ноўтбука незаконнымі і мае намер абскардзіць усе дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Да самой працэдуры праведзенага вобшуку ў яго прэтэнзій няма.

Ён таксама паведаміў, што яго на 14.00 сёння выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі. „Пра што я магу сведчыць, не ведаючы сутнасці справы і не маючы паняцця ні пра якія вайбер-групы?” — падкрэсліў кіраўнік рэдакцыі.

Паводле слоў Гузаеўскага, ён расцэньвае сённяшні вобшук як націск на рэдакцыю. „Я не ведаю, чаго яны дамагаюцца такімі шляхамі. Гэта цяпер адбываецца павальна ўсюды. Нашай газеце 19 гадоў, і мы заўсёды строга шанавалі закон і працавалі ў яго межах. Я не разумею, навошта ўсё гэта трэба”, — сказаў ён.

* * * 

У рэдакцыю газеты „Ганцавіцкі час” у 10.30 прыйшла міліцыя з вобшукам. Там знаходзіцца рэдактар Пётр Гузаеўскі.

Падрабязнасцяў пакуль няма.

Гэтым летам журналісты „Ганцавіцкага часу” знялі жорсткі разгон акцыі пратэсту міліцыяй. Услед за ўдзельнікамі затрымалі і карэспандэнтаў. Журналіста Аляксандра Пазняка аштрафавалі, а аператару Сяргею Багрову далі 15 сутак арышту.

На мінулым тыдні стала вядома, што ў Драгічыне карэспандэнта сайта “Першы Рэгіён” Сяргея Гардзіевіча адправілі пад хатні арышт (праваабаронцы прызналі яго палітвязнем). А 24 снежня рэдактара сайта “Першы Рэгіён” Паўла Дайліда раптоўна выклікалі для апытання ў Івацэвіцкі РАУС, а за гэты час хтосьці скарыстаўся асабістым смартфонам, які рэдактар пакінуў у камеры захоўвання ў міліцэйскім аддзяленні. У выніку з акаўнта Паўла Дайліда была выдалена згаданая група ў Viber.

Сайт „Першы Рэгіён” — прыватнае медыя. Працуе для шэрагу гарадоў Брэсцкай вобласці: Івацэвічаў, Бярозы, Пінска, Ганцавіч, Драгічына.

Газеце „Ганцавіцкі час” 19 гадоў. Яна зарэгістраваная Міністэрствам інфармацыі. Належыць кампаніі „Медыя-Ганцавічы”, якая заснавала і сайт „Першы Рэгіён”.

baj.by